Замежныя студэнты і вядомыя выпускнікі

Сёння ў МДІМЗ атрымоўваюць адукацыю звыш за 800 студэнтаў, магістрантаў, стажораў, аспірантаў і слухачоў з 64 краін, у тым ліку з Паўднёвай Карэі, Японіі, Кітая, Турцыі, Іарданіі, Германіі, Францыі, ЗША, Грэцыі, Гішпаніі, Партугаліі, Ізраіля і іншых краін.

Параўнаўча новы кантынгент замежных студэнтаў – грамадзяне дзяржаў, якія раней уваходзілі ў склад СССР. Іх агульная колькасць на сённяшні момант пераўзвышае 300 чалавек.

Сярод выпускнікоў МДІМЗ – прэзідэнты, прэм’ер-міністры і міністры замежных спраў Азэрбайджана, Арменіі, Беларусі, Балгарыі, Казахстана, Манголіі, Славакіі, Украіны і іншых краінаў.

Нацыянальныя студэнцкія грамады

Азэрбайджанскі клуб быў створаны па ініцыятыве азэрбайджанскіх студэнтаў пры падтрымцы кіраўніцтва МДІМЗ. Сярод нашых мэтаў – інфармаванне студэнтаў аб важнейшых падзеях, знаёмства студэнтаў адзін з адным, прадастаўленне інфармацыі аб Азэрбайджане і дапамога азэрбайжанскім студэнтам у вырашэнні іх праблемаў. Сярод вядомых азэрбайджанцаў, скончыўшых МДІМЗ – прэзідэнт Азэрбайджана Ільхам Аліеў. Дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ у Азэрбайджане.

Армянская супольнасць была створана ў лістападзе 2003 года па ініцыятыве групы студэнтаў, якія хацелі дастойна прадстаўляць Арменію і армянскую культуру ў жыцці Ўніверсітэта. Сёння Армянская супольнасць – адна з найбольш дынамічна развіваючыхся студэнцкіх супольнасцяў МДІМЗ, якая супрацоўнічае з Амбасадай Рэспублікі Арменія ў Расіі і з’яўляецца пляцоўкай для дыялога армянскіх студэнтаў Масквы. Сярод вядомых выпускнікоў – міністр замежных спраў Арменіі Эдуард Налбандзян, гісторык Серго Мікаян. Дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ у Арменіі.

Беларускае зямляцтва было створана ў красавіку 2008 года па ініцыятыве Георгія Плашчынскага, Вольгі Варановіч і Алега Шакірава. Наша арганізацыя выступала ініцыятарам правядзення Кінафестываля МДІМЗ, прысвечанага памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны, арганізоўвала фотавыставу прац Артура Клінава, запрашала фолк-групу “Testamentum Terrae” і дудара Дзяніса Сухога для выступаў. Сярод вядомых выпускнікоў – міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, дырэктар адміністрацыі Парка высокіх тэхналогіяў Валерый Цэпкала.

Балгарскае зямляцтва ўзнікла ў 2008 годзе дзякуючы намаганням Валентыны Бажычковай. Па выходных мы часта збіраемся і разам ладзім пікнікі ці едзем у балгарскую амбасаду, каб павячэраць у рэстарацыі, паслухаць нацыянальную музыку ды патанчыць. Нашыя хлопцы і дзяўчыны – вумныя, старанныя і адказныя. МДІМЗ для балгараў – сапраўдная “кузня кіраўнічых кадраў”, бо яго сканчалі былы прэзідэнт Пётр Младзенаў, прэм’ер-міністры Андрэй Луканаў і Жан Відэнаў, міністры замежных спраў Любэн Гоцаў і Бойка Дзімітраў. У Балгарыі дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ.

Вьетнамскі клуб быў створаны Нгуенам Ц’і Дыкам яшчэ ў 2005 годзе, а ў 2010 годзе дзякуючы высілкам Анны Габдзіевай і Нгуена В’ет Ліня адбылася рэарганізацыя Клуба. Мы арганізуем Дні в’етнамскай культуры, святкаванне В’етнамскага Новага Году, фуршэты ды ярмаркі в’етнамскіх сувеніраў, а таксама фотавыставы пра В’етнам. Спадзяемся, што дзякуючы нашай дзейнасці людзі даведаюцца пра В’етнам болей!

Восенню 2009 года грэчаскія студэнты МДІМЗ вырашылі стварыць Грэчаскую супольнасць. Наша галоўная мэта – развіццё міжкультурнага дыялогу, прадстаўленне Грэцыі ў МДІМЗ і Расіі. Наш важнейшы ўклад на сённяшні дзень – актыўны ўдзел нашай Супольнасці ў зборы сродкаў на ўзвядзенне памятнага манументу грэкам-ахвярам рэпрэсіяў у г. Магадан. Мы таксама прымаем актыўны ўдзел у мерапрыемствах Рады зямляцтваў, такіх, як Дзень міжнароднай кухні і Кубак садружнасцяў МДІМЗ па міні-футболе.

Грузінскі клуб заснаваны ў 2004 годзе Іракліем Мезурнішвілі. За гэтыя годы чальцамі клуба было зладжана некалькі дзесяткаў мерапрыемстваў рознай накіраванасці (канфярэнцыі, круглыя сталы, дабрачынныя акцыі). Галоўны прынцып нашых мерапрыемстваў – актуальнасць. Мы таксама імкнемся пазнаёміць нашых дарагіх сяброў з гісторыя, культурай і традыцыямі грузінскага народа. Сярод грузінскіх выпускнікоў МДІМЗ – міністр замежных спраў Грузіі Грыгол Вашадзэ і кіраўнічы дырэктар X5 Retail Group Юрый Кабаладзэ, а таксама журналіст Мэлор Стуруа.

Карэйскі клуб быў створаны ў МДІМЗ у 1991 годзе. Клуб займаецца такімі справамі, якія звязаныя з вучобай і грамадзкім жыццём карэйскіх студэнтаў у МДІМЗ. Мы заўсёды стараемся і гатовыя рабіць усё, што заўгодна для нашых суайчыннікаў і развіцця любімага Ўніверсітэта, і пастаянна прымаем удзел у мерапрыемствах Рады зямляцтваў: Дне міжнароднай кухні, канцэрце нацыянальнасцяў, студэнцкіх Алімпійскіх гульнях.

Кітайскае зямляцтва з’явілася дзякуючы намаганням Лю Цзін Хэна ў 2006 годзе ў дапамогу як кітайскім студэнтам, так і расійскім кітаязнаўцам. Мы прымалі актыўны ўдзел у арганізацыі I Алімпійскіх гульняў МДІМЗ сярод замежных студэнтаў, прысвечаных летнім Алімійскім гульням 2008 года ў Пекіне. Дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ у Кітае.

Створаны ў 1999 годзе Клуб казахстанскіх студэнтаў з’яўляецца найвялікшай нацыянальнай супольнасцю МДІМЗ, якая яднае больш за 100 студэнтаў. Вясною і восенню мы традыцыйна выязджаем на пікнік, а ў марце сумесна з сябрамі з Кыргызстану, Таджыкістану, Азэрбайджану, Узбекістану і Татарстану святкуем Наўрыз. Мы вельмі добра камунікуем з казахамі з іншых маскоўскіх ВНУ, гуляем у футбол, шахматы і спаборнічаем ў нацыянальнай казахскай барацьбе. Усё гэта вельмі збліжае і робіць нашае жыццё насычаным – мы як адна вялікая сям’я. Сярод нашых вядомых выпускнікоў – міністр замежных спраў Касым-Жомарт Такаеў, кіраўнік Нацыянальнага банку Грыгорый Марчанка і палітык Гані Касымаў.

Клуб культуры народаў Расіі з’явіўся ў 2008 годзе, і зараз уключае ў сябе Буряцкі, Калмыцкі, Татарскі, Асецінскі, Чувашскі і Ўдмурцкі клубы. Клуб на пастаяннай аснове ўдзельнічае ў мерапрыемствах Рады зямляцтваў, такіх як Дзень міжнароднай кухні і канцэрт нацыяльнасцяў, а таксама арганізуе штогадовы фестываль “Расія шматнацыянальная” і ладзіць мерапрыемствы навуковай і культурнай накіраванасці.

Кыргызскі клуб быў створаны ў траўні 2006 года з мэтай яднання студэнтаў з розных краінаў. Мы штогадова ўдзельнічаем у святкаванні Наўруза, а таксама знаёмім студэнтаў МДІМЗ з кыргызскай культурай, традыцыямі і нацыянальнымі асаблівасцямі. У верасні клуб прымае новых студэнтаў, пасля чаго дапамагае ім ў прадастаўленні пакояў у інтэрнатах, арыентацыі па горадзе і ва ўніверсітэце. Мы супрацоўнічаем на пастаяннай аснове з арганізацыямі Жаш-Талкун, Ар-Намыс і Фонд сяброўства.

Латвійскае зямляцтва было створана падчас Саміта еўрапейскіх зямляцтваў, які адбыўся 7 лістапада 2008 года. Мы пастаянна ўдзельнічаем у мерапрыемствах Рады зямляцтваў, а таксама ладзім свае ўласныя: напрыклад, святкаванне Дня незалежнасці Латвіі. Нашыя хлопцы таксама выдатна граюць у баскетбол у складзе ўласнай каманды! Сярод нашых суайчыннікаў, якія скончылі МДІМЗ – Ігар Назараў, чалец Рады акцыянераў грамады “Латвіяс Газе” і Петэрс Крыш’яніс, былы міністр транспарту і сукіраўнік расійска-латвійскай міжурадавай камісіі.

Клуб сяброў Францыі быў заснаваны ўвесну 2008 года Мішэлем Бессонам, Мішэлем Фаржэ і Георгіем Халіўліным. Мы імкнемся да аб’яднання ўсіх французаў, якія навучаюцца ці знахозяцца ў МДІМЗ на стажыроўцы, а таксама да супрацоўніцтва з французскім ліцэем ім. А. Дзюма ў Маскве. У Францыі дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ.

Пасля 20 гадоў, якія прайшлі з моманту распада Савецкага Саюза, нямецкія студэнты вырашылі аднавіць нямецкую арганізацыю ў МДІМЗ. Такім чынам, у 2007 годзе была створана Грамада нямецкіх студэнтаў, кіраўнік якой Юрый Кофнэр зрабіў вялікі ўклад у развіццё Рады зямляцтваў. Наша арганізацыя аб’ядноўвае ня толькі суайчыннікаў, але і ўсіх тых, каго цікавіць культура, мова, гісторыя і палітыка Германіі. Акрамя таго, самая крупная замежная асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ – нямецкая. Сярод нашых выпускнікоў – бачныя дыпламаты і бізнэсмэны, уключна з Міхаэлем Хармсам, кіраўніком праўлення расійска-нямецкай знешнегандлёвай палаты ў Маскве.

Польскі клуб пачаў сваю працу ў 2008 годзе. За час свайго існавання мы арганізоўвалі круглыя сталы, кінапаказы, сустрэчы з вядомымі людзьмі, удзельнічалі ў Саміце еўрапейскіх зямляцтваў, працы канфярэнцыі “Смаленск – Гродна – Мінск – Беласток”, мемарыяльных мерапрыемствах, прысвечаных Катыснкай трагедыі. У Польшы дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ, а ў Міністэрстве замежных спраў Польшчы працуюць ад 300 да 400 чалавек, якія скончылі МДІМЗ. Сярод іх – Пётр Світалскі (з 2005 г. – пастаянны прадстаўнік Польшчы ў Радзе Еўропы), Раман Кавальскі і Зэнон Кухчяк.

Сербскае зямляцтва было створана Душыцай Джурыч у 2008 годзе. Мы ўдзельнічаем у спартовых і культурных мерапрыемствах, якія ладзяцца ва Ўніверсітэце, і імкнемся перадаць іншым любоў да нашай мілай Сербіі. Мы таксама актыўна супрацоўнічаем з Амбасадай Сербіі ў Расіі.

Славацкі клуб пачаў сваю актыўную працу ў 2007-2008 гадах. Нашыя сябры і знаёмыя часта прыязджаюць да нас у Славакію на летнія ці зімовыя канікулы, а мы арганізуем ім экскурсіі. Але і ў грамадзкім жыцці МДІМЗ мы таксама імкнемся прымаць непасрэдны ўдзел. Дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ у Славакіі і Чэхіі (Клуб “Прага”). Аднымі з самых вядомых выпускнікоў МДІМЗ з’яўляюцца міністры замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак і Ян Кубіш.

Саюз афганскіх студэнтаў быў створаны ў 2009 годзе Сахрабам Гайратам і Фарыдам Хагіані дзеля таго, каб нашу краіну і культуру ведалі як мага больш людзей. Мы часта камунікуем, арганізуем канцэрты, удзельнічаем у круглых сталах, а таксама разам займаемся спортам і прадстаўляем нашу краіну на Агульнай Радзе Рады зямляцтваў.

Саюз ізраільскіх студэнтаў (Габрэйскі клуб) быў заснаваны 14 красавіка 2008 года Давідам Пелегам. Габрэйскі клуб прызнаваўся самай актыўнай нацыянальнай супольнасцю МДІМЗ на працягу 2009, 2010 і 2011 гадоў. Гасцямі на сустрэчах клуба былі Надзвычайны і Ўпаўнаважаны Амбасадар Дзяржавы Ізраіль у РФ Анна Азары і Дарыт Галендэр, галоўны равін Расіі Берл Лазар, прэзідэнт Інстытута Бліжняга Ўсходу РФ Яўгеній Сатаноўскі. Мы штогадова адзначаем Хануку, Пурым, Песах і іншыя габрэйскія святы, аб’ядноўвая дзясяткі студэнтаў больш чым з 11 краінаў.

Саюз малдаўскіх студэнтаў актыўна супрацоўнічае з Амбасадай Рэспублікі Малдова ў Расіі. Мы з’яўляемся ініцыятарамі правядзення ў МДІМЗ штогадовага Тыдня СНД, а таксама ладзім дні малдаўскай культуры і дэбаты на актуальныя палітычныя тэмы. На сённяшні дзень адным з самых вядомых малдаўскіх выпускнікоў МДІМЗ можна назваць Ю. Лянкэ, які займаў пасты віцэ-прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Малдовы.

Саюз мангольскіх студэнтаў мае вельмі даўнюю гісторыю, паколькі мангольскія студэнты былі першымі замежнымі студэнтамі ў МДІМЗ, і з 1946 г. працягваюць прыязджаць у МДІМЗ, каб атрымаць якасную адукацыю. Наша зямляцтва імкнецца дапамагаць сваім суайчыннікам, сябраваць і развіваць супрацоўніцтва паміж мангольскімі і расійскімі студэнтамі. Мангольскія студэнты часта разам граюць у баскетбол і футбол. У Манголіі дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ, а сярод самых вядомых выпускнікоў – прэм’ер-міністр Манголіі Сухбаатар Батболд, міністр адукацыі Ёндон Атгонбаяр і міністр энэргетыкі Д. Зорыгт.

Таджыкскае зямляцтва аб’ядноўвае таджыкаў з усіх куткоў Таджыкістана, якія заўсёды стараюцца прымаць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ў сценах нашага Ўніверсітэта. У нашых студэнтаў ёсць вельмі моцная спартовая каманда – яна ўваходзіць у тройку мацнейшых па выніках II студэнцкай Алімпіяды МДІМЗ.

Турэцкая супольнасць была створана намаганнямі Мелісы Мурат і адчынілася 20 снежня 2010 года ў прысутнасці Надзвычайнага і Упаўнаважанага Амбасадара Рэспублікі Турцыя ў РФ Айдына Аднана Сэзгіна. Яе асноўная мэта – наладжаванне расійска-турэцкага супрацоўніцтва, у тым ліку, на студэнцкім узроўню. Актывісты Супольнасці дапамагалі ў абслугоўванні дэлегацыі прэм’ер-міністра Турцыі Рэджэпа Тайіпа Эрдагана падчас яго візіту ў МДІМЗ-Універсітэт. Мы стараемся дастойна прадстаўляць нашу родную Турэцкую рэспубліку.

Узбекскі клуб быў заснаваны Мардонам Анваравым у 2006 годзе, і яго дзейнасць накіравана на развіццё сувязяў і ўмацаванне сяброўскіх адносінаў паміж Узбекістанам і іншымі краінамі. Пры падтрымцы Рады зямляцтваў Клуб арганізуе навуковыя, культурныя і спартовыя мерапрыемствы. Адным з самых вядомых узбекскіх выпускнікоў МДІМЗ з’яўляецца расійскі міліярдэр Алішэр Усманаў, а таксама прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Улугбек Хасанаў.

Украінскае зямляцтва было створана ў траўні 2008 года па ініцыятыве Станіслава Грашова, Станіслава Шыкалава і Эльдара Надзірашвілі. У наша зямляцтва ўваходзяць як украінцы, так і тыя людзі, якія маюць украінскія карані і цікавяцца ўкраінскай мовай і багатай культурай. Мы ганарымся тым, што ўваходзім у склад Рады зямляцтваў і можам прадставіць нашу краіну ў найлепшым святле. Сярод нашых вядомых выпускнікоў – міністр замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка.

Харвацкі клуб быў створаны ў 2010 годзе па ініцыятыве Марка Пухарыча, а на яго афіцыйным адкрыцці 28 красавіка 2010 года пад кіраўніцтвам Івана Жака прысутнічаў Амбасадар Харватыі ў РФ Нэбойша Кахаровіч. Мы імкнемся сустракацца раз на тыдзень ва ўніверсітэце ці ў кавярні – на такіх сустрэчах мы абмяркоўваем палітыку і эканоміку, апошнія навіны з нашай краіны. Мы гатовыя зрабіць болей для развіцця расійска-харвацкіх адносінаў, паколькі кожны чалавек з’яўляецца пасланнікам сваёй краіны ў свеце!

Чэшскі клуб з’явіўся дзякуючы намаганням Эвы Пракопавай і Шаркі Пржыбыловай у 2008 годзе. Зараз нас ня вельмі шмат, але ў савецкі час у МДІМЗ атрымоўвалі адукацыю дзясяткі прадстаўнікоў нашай краіны. Зямляцтва дае магчымасць прадстаўляць ва ўніверсітэце інтарэсы студэнтаў-замежнікаў. Райскі куток для чэхаў у Маскве – Чэшскі дом пры Амбасадзе Чэхіі, дзе можа адпачыць любы жадаючы. Сярод нашых вядомых выпускнікоў – камісар ЕС па палітыкі расшырэння і Еўрапейскай палітыцы суседства Штэфан Фюле і міністр замежных спраў Ян Кагоўт. У Чэхіі дзейнічае Асацыяцыя выпускнікоў МДІМЗ (Клуб “Прага”).

Урачыстае адкрыццё Эстонскага клуба адбылося 16 лістапада 2010 года ў прысутнасці Надзвычайнага і Ўпаўнаважанага Амбасадара Эстонскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі Сімму Тійка. Эстонскі клуб ладзіць паказы эстонскіх кінафільмаў, сустрэчы з вядомымі людзьмі, а таксама прапагандуе эстонскую культуру і эканоміку.

Барэнцава Еўра-Арктычная Супольнасць з’явілася напрыканцы 2010 года дзякуючы намаганням Марыі Шапарэвай, якая вырашыла аб’яднаць студэнтаў з Барэнцава рэгіёна. У Клуб уваходзяць усе тыя, хто цікавіцца гісторыяй, культурай і палітыкай паўночных рэгіёнаў Расіі, а таксама прадстаўнікі Фінляндыі, Нарвегіі, Швецыі і іншых паўночных краінаў.